ЕЗЯРЫ́ШЧАНСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—17 ст. Размяшчаўся за 3 км ад г.п. Езярышча Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. У плане чатырохвугольнік (100 х х 120 м). Быў абкружаны землянымі валамі з 3 вежамі і ровам, які аддзяляў замак ад астатняй тэр. паўвыспы. У час паводак замак ператвараўся ў астраўную крэпасць. Паводле польскага храніста Р.Гейдэнштэйна, у 16 ст. Е.з. меў значныя ўмацаванні і разам з Полацкім замкам панаваў над «усім краем». У Лівонскую вайну 1558—83 узяты рус. войскам (1565) і спалены, потым адбудаваны. У 1579 яго знішчылі ў час штурму войскі караля Стафана Баторыя, пазней адноўлены. У пач. 17 ст. ў час пажару ўмацаванні замка згарэлі, адбудаваны па загадзе караля Жыгімонта III Вазы езярышчанскім старостам К.Сакалінскім. У жн. 1654 замак захапіла рус. войска на чале з ваяводам С.Стрэшневым. Захаваліся рэшткі валоў.

В.М.Ляўко.

т. 6, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)